Дзіўная гэта рэч – час... Нездарма кажуць, што “час – лепшы доктар”. Менавіта ён здольны залячыць фізічныя раны, прытупіць душэўны боль...
Аднак нават ён, гэты ўсемагутны лекар,не ў сілах сцерці з чалавечай памяці перажытае, асабліва калі яно цяжкае, балючае...
Напэўна, так яно і павінна быць. Бо не можа, не мае права чалавек, забыць пра тое, што суровым выпрабаваннем выпала на долю продкаў. Тым больш, калі гэта выпрабаванне – вайна.
Вайна... Слова якое страшнае, чорнае... Як не хочацца яго чуць, вымаўляць, разумець. Якім злавесным зместам напоўнена яно...
Кожны пражыты год ўсё больш і больш аддаляе нас ад яе, вайны 1941 – 1945г.г., якую нездарма назвалі Вялікай Айчыннай. Нібы чорным крылом драпежнай птушкі накрыла яна зямлю нашай Радзімы на доўгія тры з лішнім гады... Штогод 13 ліпеня каля мемарыяльнага комплекса савецкім воінам, партызанам і ахвярам фашызму ля вёскі Шымкі мнагалюдна. Прыйшлі жыхары Мастоўскага раёна, прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюзы, дзеці. Прыйшлі прадстаунікі і нашай гаспадаркі разам з дырэктарам.
Вайна прайшлася па кожным лёсе, таму яна стала часткай гісторыі ўсяго народа і кожнага паасобку...
Не ведаць, не помніць аб гэтым – вялікае злачынства, як і сама вайна. І калі забыць аб гэтым, усё можа паўтарыцца...